Пра ўспамiны аб Чарнобыльскай катастрофе піша газета «Ранак-Плюс».
Чарнобыльская навала нябачнай воку зброяй захапіла добрую частку прыпяцкай зямлі і на доўгія гады апаясала яе калючым дротам, пераўтварыўшы ўрадлівыя глебы і квітнеючыя сады ў небяспечную зону. Гарачы красавіцкі дзень 1986 года чорнай быллю пралег праз тысячы людскіх лёсаў.
Пасля выбуху на чацвертым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС Беларусь страціла шмат населеных пунктаў. Больш за 350 тысяч жыхароў забруджанай тэрыторыі былі вымушаны пакінуць родныя дамы і нанова пачынаць жыццё на чужыне. Светлагоршына таксама прымала ў сваіх вёсках новых жыхароў.
– У Дуброву перасяленцы прыехалі яшчэ ўлетку, рассялілі іх па хатах мясцовых жыхароў, – расказвае бібліятэкар Людміла Бусел. – Памятаю, як спачатку яны сур’ёзна спадзяваліся, што паедуць хутка назад. Там, дзе яны жылі, правядуць дэзактывацыю, і ім дазволяць вярнуцца дадому. Не адразу, але прыйшлося змірыцца з тым, што гэта ніколі не адбудзецца. Кожны год на Радуніцу многія перасяленцы едуць у «зону». Спачатку хаваць родзічаў вазілі туды, але зараз і на нашых могілках шмат магіл перасяленцаў…
У многіх вёсках за тое лета «павырасталі» цэлыя вуліцы новых двароў. У верасні 1986 года урачыстае адкрыццё «чарнобыльскага» пасёлка адбылося ў вёсцы Дуброва. Больш за паўсотню новых дамоў было пабудавана на месцы колішняга яблыневага саду.
Людміла Бусел успамінае, што тады ў вёсцы было цэлае свята: ездзілі на кані і запрашалі ўсіх на адкрыццё пасёлка.
Бежанцы ў мірныя часы – ці маглі яны падумаць, што цяпер Дуброва, а не Дзёрнавічы і Вежышчы Нараўлянскага раёна, назаўсёды стане іх прыстанішчам. Прайшло 28 гадоў. Перасяленцы ўжо даўно сталі сваімі, роднымі. Але прыпяцкія берагі ды родныя вёскі раз-пораз настальгічна кранаюць іх сны.
У нядзелю, 27 красавіка, у Дуброўскім сельскім доме культуры адбылася незвычайная сустрэча. Кіраўнік мясцовага гуртка самадзейнасці Мая Краўчанка абыйшла напярэдадні памятнай даты ўсіх дуброўскіх «чарнобыльцаў» і запрасіла на вечар-рэквіем пад назвай «Той дзень, што стаў аднойчы чорнай датай».
Вядучыя Тамара Друзік і Мая Краўчанка расказалі пра дзень 26 красавіка, які падзяліў жыццё на «да» і «пасля». Людміла Бусел аформіла кніжную выставу на тэму чарнобыльскай трагедыі. Самадзейныя артысты спявалі песні пра Радзіму, Беларусь, вёску. З асаблівай цеплынёй сустрэлі прысутныя песню «Дзёрнавічы», якую напісаў і выканаў Аляксандр Цярэшчанка.
– Былі ўспаміны перасяленцаў пра тое, як яны даведаліся пра аварыю, як і куды іх адсялялі, як яны прыжываліся ў Дуброве, – гаворыць Людміла Бусел. – Ніхто не мог стрымаць слёз. Успаміны перасяленцаў запісаны і захоўваюцца ў музеі гісторыі вескі Дуброва.
Потым прагучалі і самабытныя нараўлянскія спевы. Казлякоўская Зінаіда 1935 г. н. выканала некалькі песень, якія некалі спявала ў Дзёрнавічах, яе падтрымалі і астатнія «чарнобыльцы». У цэлым жа, вечар атрымаўся цёплым і душэўным.
Фото: ранак.by.