Спецыяльна для вас зрабілі падарожжа ў в. Пагонцы (Светлагорскі раён), нарабілі там фотаздымкаў і паразмаўлялі з адным калекцыянерам. Пра што размаўлялі і з кім – чытайце далей і разглядайце фотаздымкі.
У вёску Пагонцы мы прыехалі на сядзібу да Віктара Раманцова – краязнаўцы, журналіста, літаратара — аўтара кнігі “Зведаная зямля: Светлагоршчына ў пытаннях і адказах” і стваральніка дакументальных фільмаў пра наш раён.
Это озеро рядом с Пагонцами: Спрятанное в глубине леса Мертвое озеро сняли на фоне осенних пейзажей
Віктар правёў нас па сваёй не малой гаспадарцы, якую акурат у гэтым месяцы і закрывае на зімовы сезон. Акрамя старых рэчаў і каларытных пунь, мы не змаглі прайсці міма старых борцяў, дзе ўтрымлівалі і разводзілі пчол. Раней дзед жонкі Віктара займаўся пчалярствам, а вось зараз борці пустыя.
Прыехаць да Віктара ў госці паклікалі яго знаходкі, пра якія ён летась пісаў у сваім ЖЖ, здымаў відэаролікі і выкладаў іх на сваім канале. Акрамя таго, са сваімі знаходкамі быў яшчэ і госцем моўных курсаў “Мова нанова”.
Дык што ж такога адшукаў Віктар Раманцоў у вёсцы Пагонцы, што да яго такая цікавасць?
Мінулым летам пасля працяглых чэрвеньскіх дажджоў у двары лецішча Віктара размыла зямлю, з-пад якой адкрылася кладка цэглы. Каб будаўнічыя матэрыялы не ляжалі ў зямлі, ён вырашыў іх выкапаць. Так быў знойдзены падмурак печкі, пачалі трапляцца і іншыя цікавыя знаходкі.
Была знойдзена цэгла з розным таўром (рэд. таўро – тое, што ставілі на цэглы, каб пазначыць, дзе яе зрабілі і хто вытворца). І такіх назбіралася ўжо больш за чатыры дзясяткі. Прычым у адным месцы, у вёсцы, дзе ніколі не было вытворчасці цэглы.
Пра саму вёску Пагонцы (ПагАнцы – праз літару “А”, так называе яе Віктар Раманцоў) наш суразмоўца кажа, што яна вядома з XVII ст. (рэд. — 1639 г. як паселішча Паганцы ў Парыцкай воласці Бабруйскага павету Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага). У 1897 г. тут дзейнічалі капліца і карчма.
Віктар упэўнівае нас, што назва вёскі заўсёды пісалася праз літару “А”. Вёску Паганцы можна знайсці ў дакументах XVIIІ ст., на мапах XIX і пачатку XX ст. Нават у пасведчаннях аб нараджэнні дзеда і маці яго жонкі пазначана вёска Паганцы. У якім дакладна годзе адбылося перайменаванне вёскі і ці было яно ўвогуле, Віктар не ведае. На яго звароты з гэтым пытаннем у Парыцкі пасялковы Савет, адказаў так і не было.
Пра свае знаходкі Віктар распавядае з задавальненнем. Пераважная колькасць знойдзеных ім фрагментаў цаглін датуецца другой паловай ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя. У гэты час нашы землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі і падпарадкоўваліся яе законам. А там было такое: “на кожнай цагліне павінна быць абавязкова змешчана таўро вытворцы”. Ад адказнасці нікога не пазбаўлялі.
А ў 1893 г. пастанавілі, што таварны знак на цагліне павінен мець яшчэ імя і імя па бацьку («хаця б ініцыяламі»), прозвішча ўладальніка прадпрыемства, а таксама яго месцазнаходжанне.
У калекцыі Віктара ёсць цагліны з ініцыяламі вытворцаў, поўным напісаннем іх прозвішча, месцаў вытворчасці і інш.
Самай незвычайнай і рэдкай знаходкай для нашай мясцовасці можна лічыць цагліну з таўром Мальтыйскага крыжа. Як яна трапіла ў Пагонцы, складана патлумачыць, як і вызначыць яе час вытворчасці. Аднак факт застаецца фактам. Праўда захаваўся сам крыж напалову.
Багата сустракаецца цаглін з таўром “ПАРИЧИ.” розных памераў. Тут гадаць не прыходзіцца, бо ў Парычах была свая цагельня, пабудаваная не пазней за 1880 год (пра гэта ў нас будзе асобны артыкул).
Яшчэ адна цагельня, што існавала напрыканцы XIX cт – пачатку XX ст., знаходзілася каля вёскі Новая Беліца (Светлагорскі раён). Ёсць у калекцыі Віктара цэглы з таўром “ИМЕНІЕ БЕЛИЦА.” А ёсць і з ініцыялам вытворцы – “БЕЛИЦА.А.” і “А.Ш. БѢЛИЦА”.
Цагліна з таўром “К-С Ч. БЯРЭЗІНА.” была зроблена зноў-такі ў вёсцы Новая Беліца на цагельні, якая пачала вытворчасць такіх цаглін пачынаючы з 1931 года. У гэтым годзе там быў заснаваны калгас “Чырвоная Бярэзіна”. Адсюль і таўро з такой назвай. Да якога часу працавала цагельня — невядома. Віктар мяркуе, што да пачатку Другой сусветнай вайны.
Цагліна з таўром “СТУЖ…” магчыма пазначае месца вытворчасці — вёску Стужкі (Светлагорскі раён). Але гэта толькі меркаванне, і Віктар спадзяецца, што дазнаецца больш пра гэта.
Цагліны з таўром “ИВАНОВЪ” і “Е.ИВАНОВЪ.” Цагельня не ідэнтыфікаваная. Відавочна, што выраб цэглы рабіўся ў межах Парыцкай воласці. Толькі тут знойдзены такія цагліны.
Акрамя таго, былі знойдзены цагліны бабруйскай вытворчасці – “Б.Б.7(?)” і “РОЗЕНБЕРГЪ.” Што да апошняга, то вытворчасць гэта існавала ў перыяд 1875-1920 гг. як уласнасць бацькі Гіршы і сына Арона Розенбергаў – цэглавых магнатаў. Таму і не цяжка вызначыць каму належыць таўро – “Г.Р.” (у Віктара яно таксама ёсць).
Яшчэ адна цікавая цагліна з таўром “Г.Ф.” датычыцца вытворцы Г.І. Фрыда. Цагельня знаходзілася ва ўрочышчы Плішчанка пад Мінскам. Ці выпадкова сюды трапіла гэта цагліна, ці нехта меў сродкі везці з-пад Мінска сюды яе — адказаць цяжка.
Гэта яшчэ не ўсё, што змог адшукаць Віктар на сваім лецішчы. Усё ў тым жа падмурку печкі былі знойдзены дзве манеты: «СССР. 5 капеек 1949 г.” і “Расійская імперыя. 5 капеек 1879 г. Санкт-пецярбургскага манетнага двара”. У гародзе адшукана манета “СССР. 15 капеек 1946 года”.
Агарод даў яшчэ не толькі ўраджай, а і бельгійскі гузік першай чвэрці ХХ стагоддзя з выявай льва альбо грыфона— час Першай сусветнай вайны.
Далей пайшлі цвікі, шкло, кафля і дробязі ХХ стагоддзя. Глядзіце фотаздымкі.
Вось так – цікавае побач. Часам бывае ляжыць у нас пад нагамі.
Тэкст: Дзяніс Рунец. Фота: Дзяніс Рунец, Васіль Працэнка