У нас дзве класныя навіны для беларусаў. У Аднакласніках нарэшце з’явілася беларуская мова, а ў Яндэкс.Грошах беларускія рублі.
Беларуская мова ў Аднакласніках
Мова ў АК стала даступная ў абодвух браўзерных версіях сайта і ў прыкладаннях для Android і iOS. Пры ўключэнні беларускай мовы на адной з платформаў, яна сінхранізуецца з усімі астатнімі версіямі.
— Пераклад закрануў не толькі элементы інтэрфейса, але і логіку работы часткі сэрвісаў – напрыклад, цяпер некаторыя падарункі можна знайсці пры дапамозе запытаў па-беларуску: «усміхніся», «цеплыня», «цацка» і іншых. Пасля ўключэння новай мовы паведамленні, у тым ліку па электроннай пошце, таксама прыходзяць па-беларуску, — распавялі lovesun.by прадстаўнікі сацыяльнай сеткі.
Цікава, што Беларусь з’яўляецца другой краінай свету па колькасці карыстальнікаў АК пасля Расіі.
Беларускія рублі у Яндэкс.Грошах
З 28 сакавіка ў Яндэкс.Грошах ўводзяцца новыя паслугі — мультывалютныя рахункі і карткі. Акрамя беларускіх рублёў тут таксама з’явіліся польскія злоты, даляры ЗША, еўра, фунты стэрлінгаў, тэнге, ены, юані, швейцарскія франкі і чэшскія кроны.
У пачатку карыстацца паслугай змогуць толькі тыя, каго ўключаць у тэставую выбарку. Каб марнаваць грошы з валютных рахункаў, спатрэбяцца картка Яндэкс.Грошай і падключэнне паслугі «мультывалютная карта».
Нагадаем, карты Яндэкс.Грошай падтрымліваюць Apple Pay, Samsung Pay, Google Pay і Garmin Pay.