Успамiны аб Чарнобыльскай катастрофе

422
 

Пра ўспамiны аб Чарнобыльскай катастрофе піша газета «Ранак-Плюс».

Чарнобыльская навала нябачнай воку зброяй захапіла добрую частку прыпяцкай зямлі і на доўгія гады апаясала яе калючым дротам, пераўтварыўшы ўрадлівыя глебы і квітнеючыя сады ў небяспечную зону. Гарачы красавіцкі дзень 1986 года чорнай быллю пралег праз тысячы людскіх лёсаў.

Воспоминания о Чернобыльской катастрофе в д.Дуброва.Пасля выбуху на чацвертым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС Беларусь страціла шмат населеных пунктаў. Больш за 350 тысяч жыхароў забруджанай тэрыторыі былі вымушаны пакінуць родныя дамы і нанова пачынаць жыццё на чужыне. Светлагоршына таксама прымала ў сваіх вёсках новых жыхароў.

– У Дуброву перасяленцы прыехалі яшчэ ўлетку, рассялілі іх па хатах мясцовых жыхароў, – расказвае бібліятэкар Людміла Бусел. – Памятаю, як спачатку яны сур’ёзна спадзяваліся, што паедуць хутка назад. Там, дзе яны жылі, правядуць дэзактывацыю, і ім дазволяць вярнуцца дадому. Не адразу, але прыйшлося змірыцца з тым, што гэта ніколі не адбудзецца. Кожны год на Радуніцу многія перасяленцы едуць у «зону». Спачатку хаваць родзічаў вазілі туды, але зараз і на нашых могілках шмат магіл перасяленцаў…

У многіх вёсках за тое лета «павырасталі» цэлыя вуліцы новых двароў. У верасні 1986 года урачыстае адкрыццё «чарнобыльскага» пасёлка адбылося ў вёсцы Дуброва. Больш за паўсотню новых дамоў было пабудавана на месцы колішняга яблыневага саду.

Людміла Бусел успамінае, што тады ў вёсцы было цэлае свята: ездзілі на кані і запрашалі ўсіх на адкрыццё пасёлка.

Бежанцы ў мірныя часы – ці маглі яны падумаць, што цяпер Дуброва, а не Дзёрнавічы і Вежышчы Нараўлянскага раёна, назаўсёды стане іх прыстанішчам. Прайшло 28 гадоў. Перасяленцы ўжо даўно сталі сваімі, роднымі. Але прыпяцкія берагі ды родныя вёскі раз-пораз настальгічна кранаюць іх сны.

У нядзелю, 27 красавіка, у Дуброўскім сельскім доме культуры адбылася незвычайная сустрэча. Кіраўнік мясцовага гуртка самадзейнасці Мая Краўчанка абыйшла напярэдадні памятнай даты ўсіх дуброўскіх «чарнобыльцаў» і запрасіла на вечар-рэквіем пад назвай «Той дзень, што стаў аднойчы чорнай датай».

Вядучыя Тамара Друзік і Мая Краўчанка расказалі пра дзень 26 красавіка, які падзяліў жыццё на «да» і «пасля». Людміла Бусел аформіла кніжную выставу на тэму чарнобыльскай трагедыі. Самадзейныя артысты спявалі песні пра Радзіму, Беларусь, вёску. З асаблівай цеплынёй сустрэлі прысутныя песню «Дзёрнавічы», якую напісаў і выканаў Аляксандр Цярэшчанка.

– Былі ўспаміны перасяленцаў пра тое, як яны даведаліся пра аварыю, як і куды іх адсялялі, як яны прыжываліся ў Дуброве, – гаворыць Людміла Бусел. – Ніхто не мог стрымаць слёз. Успаміны перасяленцаў запісаны і захоўваюцца ў музеі гісторыі вескі Дуброва.

Потым прагучалі і самабытныя нараўлянскія спевы. Казлякоўская Зінаіда 1935 г. н. выканала некалькі песень, якія некалі спявала ў Дзёрнавічах, яе падтрымалі і астатнія «чарнобыльцы». У цэлым жа, вечар атрымаўся цёплым і душэўным.

Фото: ranak.by.