Светлогорчанка стала представителем американского ВУЗа в Европе

96
 

минерва, унивеситет, США, образование

Беларуска Марыяна Мірчук пачала працу на пасадзе прадстаўніка адукацыйнай кампаніі «Мінерва» ва Усходняй Еўропе. Кампанія ставіць за мэту зрабіць даступным атрыманне вышэйшай адукацыі ў ЗША для студэнтаў з усяго свету. Першыя студэнты ўніверсітэта «Мінерва» пачалі навучанне сёлета ў верасні.

Усходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына атрымаў адукацыю ў Італіі, а амерыканскі вучоны ў галіне астранаўтыкі Барыс Кіт закончыў гімназію ў Беларусі і Віленскі ўніверсітэт. Ва ўсе часы адукацыя бяз межаў спрыяла развіццю грамадства.

Марианна Мирчук.
Марианна Мирчук. Фото: linkedin.com.

– Свет імкліва змяняецца. Даследаванне, праведзенае Міністэрствам працы ЗША, паказала, што 65% сучасных дзяцей будуць у сваім дарослым жыцці займацца працай, якая зараз яшчэ не існуе. Мы лічым, што і вышэйшая адукацыя павінна змяніцца, каб задаволіць запыты сучаснага грамадства. Адукацыя павінна быць актуальнай для станаўлення наступных пакаленняў, каб дапамагчы ім дасягнуць сваіх мэтаў, – распавядае М. Мірчук аб «Мінерве».

Марыяна нарадзілася ў г.Чыта ў Забайкальскім краі (Расія), мае ўкраінскае паходжанне. З дзіцячага ўзросту жыла ў Беларусі, у г.Светлагорску Гомельскай вобласці. Па яе словах, акрамя бацькоў значны ўплыў на яе аказвала старэйшая сястра Крысціна, якая закончыла філіял Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя ў Светлагорску (дзейнічаў да 2001 г.) і ўніверсітэт у Германіі. Марыяна пасля школы ў 2007 г. паступіла ў Каледж аб’яднанага свету ў г.Мостар (кантон Герцагавіна-Нерэтва, Боснія і Герцагавіна), а затым на юрыдычны факультэт вышэйшага каледжа «Трыніці» ў г.Хартфард – цэнтры штата Канектыкут, ЗША.

Пасля заканчэння каледжу яна працавала аналітыкам у карпарацыі «Оракл» (Oracle Corporation) у г.Сан-Францыска, а сёлета ў кастрычніку па конкурсу прынята ў «Мінерву». Зараз жыве ў Белградзе, яе праца ахоплівае рэгіён ад Чэхіі да Беларусі і Украіны, а таксама Расію, Казахстан, краіны Каўказу і Цэнтральнай Азіі.

– Універсітэт «Мінерва» – гэта 4-гадовая амерыканская вышэйшая навучальная ўстанова для матываваных студэнтаў з усяго свету, – працягвае М. Мірчук. – У «Мінерве» прааналізавалі кожны з аспектаў традыцыйнай універсітэцкай адукацыі і пераасэнсавалі іх у кантэксце XXI стагоддзя. Мы бачым нашу ролю ў падрыхтоўцы студэнтаў, якія ў будучыні стануць лідэрамі і наватарамі ў розных галінах.

«Мінерва» ўтворана ў 2012 г. у Сан-Францыска (штат Каліфорнія). Акадэмічную раду кампаніі ўзначальвае Нобелеўскі лаўрэат Роджэр Корнберг (Roger Kornberg), у кансультатыўную раду ўваходзяць, у прыватнасці, Лоўрэнс Самэрс (Lawrence Summers) – ранейшы міністр фінансаў ЗША і глава Гарвардскага ўніверсітэта, і Боб Кэры (Bob Kerrey) – былы сенатар ад штата Небраска, які таксама працаваў у якасці главы ўніверсітэта ў Нью-Йорку. Вядома, што амерыканская вышэйшая адукацыя – лепшая ў свеце, але і кошты навучання высокія. Якім чынам у «Мінерве» могуць навучацца студэнты з краінаў, дзе ніжэйшы за амерыканскі ўзровень даходаў?

– У амерыканскіх ВНУ шмат грошаў выдаткоўваюць на ўтрыманне вялікіх універсітэцкіх гарадкоў, стадыёнаў, спартыўных каманд і мастацкіх цэнтраў, – тлумачыць М. Мірчук. – Гэта адбіваецца на кошце навучання. «Мінерва» не траціць сродкі на такія выдаткі, а выкарыстоўвае рэсурсы гарадоў, таму кошт навучання ніжэй. Аплата за навучанне ў «Мінерве» вызначаецца індывідуальна для студэнта, улічваючы яго магчымасці і паспяховасць.

Па словах Марыяны, навучальны план «Мінервы» распрацаваў рэктар-заснавальнік Стывен Кослін (Stephen Kosslyn) – ранейшы прафесар Гарвардскага і Стэнфардскага ўніверсітэтаў. Усе студэнты павінны вывучаць 4 аднолькавыя ўводныя курсы ў першы год навучання, каб развіць мысленне. Першыя студэнты-першакурснікі прыступілі да заняткаў сёлета ў верасні. З ІІ-га году студэнты абіраюць адзін з факультэтаў: эканамічны, грамадазнаўчы, прыродазнаўчы, матэматычны альбо гуманітарна-мастацтвазнаўчы.

– На І-ым курсе студенты «Мінервы» навучаюцца ў Сан-Францыска. Пачынаючы з ІІ-га курсу, яны кожны семестр навучаюцца групамі ў новым месцы, у буйных універсітэцкіх гарадах – такіх, як Берлін, Буэнас-Айрэс, Ганконг або Лондан. У кожным месцы нашы студэнты ўдзельнічаюць у навучальных і пазакласных мерапрыемствах, унікальных для гэтага горада.

М. Мірчук распавяла, што прыём студэнтаў у «Мінерву» складаецца з трох этапаў.

  • Першы этап – гэта заяўка, у якой абітурыенты падаюць інфармацыю пра сябе, адзнакі атэстату і вынікі тэсту па англійскай мове (TOEFL альбо IELTS). Абітурыенты таксама прадастаўляюць звесткі пра свой досвед у лідэрстве, грамадскай ініцыятыве і мастацкай творчасці.
  • Другі этап складаецца з анлайн-іспытаў, якія правяраюць інтэлектуальны ўзровень.
  • Заключны этап паступлення – анлайн-сумоўе.

«Кампанія «Мінерва» з’яўляецца адным з самых цікавых стартапаў у свеце на сённяшні дзень, – піша французскі даследчык Паскаль-Эмануэль Гобры на старонках часопісу «Форбс» (Forbes). – «Мінерва» спадзяецца зрабіць рэвалюцыю ў вышэйшай адукацыі – не толькі праз прадастаўленне навучальных курсаў у Інтэрнэце, але і як ўстанова вышэйшай прафесійнай адукацыі, якая робіць тэхналогію навучання ў класах больш эфектыўнай і дзейснай».

Аўтар: Аляксей Краўцоў, gomelcivil.org. Фота: minerva.kgi.edu.