Исследователи из трех стран выпустили совместный археологический сборник

210
Рэклама  

Даследчыкі ў галіне археалогіі з Беларусі, Расіі і Украіны выпусцілі чарговы сумесны зборнік навуковых артыкулаў. Ён называецца «Археалагічныя даследаванні ў еўрарэгіёне «Дняпро» у 2013 годзе». Гэтае выданне, якое надрукавана напрыканцы сёлетняга году, з’яўляецца ўжо трэцім у сваёй серыі.

Сярэдневяковы каменны крыж, які выяўлены ў 2013 г. у в. Чэрнін Светлагорскага раёну – звесткі аб ім уключаны ў зборнік (Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей). Вышыня крыжа – 90 см.

Сярэдневяковы каменны крыж, які выяўлены ў 2013 г. у в. Чэрнін Светлагорскага раёну – звесткі аб ім уключаны ў зборнік (Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей). Вышыня крыжа – 90 см.

Зборнік уводзіць у навуковы зварот актуальную інфармацыю аб археалагічных даследаваннях 2013 года, праведзеных беларускімі, расійскімі і ўкраінскімі вучонымі ў еўрарэгіёне «Дняпро», які ўключае ў сябе тэрыторыю Бранскай, Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей. Выданне адрасавана гісторыкам, археолагам, выкладчыкам, студэнтам, работнікам музееў, краязнаўцам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і археалогіяй.

Першыя два зборнікі былі выпушчаны ў 2012 і 2013 гадах і прадставілі вынікі археалагічных даследаванняў у еўрарэгіёне «Дняпро» адпаведна за 2011 і 2012 гады. Першы зборнік быў выдадзены ў Чарнігаве, другі – ў Гомелі, а сёлетні – ў Бранску.

У выданні штогодніка ўдзельнічаюць Адміністрацыя Бранскай вобласці, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Чарнігаўская абласная дзяржаўная адміністрацыя, тры навуковых інстытута археалогіі – Расійскай акадэміі навук, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, а таксама тры ўніверсітэты – Бранскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Р. І. Пятроўскага, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны і Чарнігаўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Р. Шаўчэнкі.

У міжнародную рэдакцыйную калегію сёлетняга зборніка ўваходзяць, у прыватнасці, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Украіны П. П. Талочка, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук П. Р. Гайдукоў, доктар гістарычных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі П. Ф. Лысенка і іншыя вядомыя археолагі трох краін. Сярод навукоўцаў Гомельскай вобласці, якія рэдагавалі зборнік – доктар гістарычных навук, прафесар А. А. Макушнікаў; сярод навуковых кансультантаў – доктар гістарычных навук, прафесар, член пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І. А. Марзалюк.

У сёлетні зборнік уключана 47 артыкулаў, з іх 6 – з Беларусі. У артыкулах беларускіх аўтараў апублікаваны матэрыялы археалагічных даследванняў, якія вядуцца ў Веткаўскім, Гомельскім, Жлобінскім, Лоеўскім, Мазырскім і Светлагорскім раёнах. У прыватнасці, свой артыкул «Старажытнейшыя каменныя крыжы Светлагоршчыны» прадставіў доктар гістарычных навук, прафесар, член Геральдычнага савета пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь С. Я. Рассадзін. Зборнік паступіць у Гомельскую абласную бібліятэку, бібліятэку ГДУ імя Ф. Скарыны, іншыя буйныя і спецыялізаваныя бібліятэкі Беларусі.

Аўтар: Аляксей Краўцоў, gоmеlсivil.оrg. Фота: gоmеlсivil.оrg.

Рэклама