Деревня Заречье Светлогорского района

450
 

Устаць на досвітку, каб паехаць у невядомую вёску свайго раёна. Дарма, што часта і не думаеш пра тыя суседнія вёскі, але ж яны ёсць! І не бачыла іх прыгажосці дагэтуль. Іх непасрэднасці.

Трэція выходныя запар езджу па вёсках Светлагорскага раёна. Гэтым разам абрала для паездкі Зарэчча, што ў 22 км. ад горада.

Цячэ каля вёскі рэчка Іпа, прыток Прыпяці. А за рэчкай — вёска Дуброва. Шырокая-шырокая яе вуліца цягнецца, здаецца, праз усё поле. Стаіш у Зарэччы, а бачыш Дуброву. Падаецца, што дацягнуцца рукой можна да домікаў.

Тут такія мясціны, што замілаванне для вачэй! Шырокае поле. У ім нават глыбіня бачная. Залаты лес, які свеціцца. Напэўна, так адбываецца з-за сонца, якое ўстае. Стаю і думаю аб тым, што калі б не ўстала а шостай, то і не ўбачыла б такой свежай, натуральнай раніцы.

Абсалютна не турбуе той факт, што нікога не ведаю ў новай мясцовасці. З людзьмі лёгка гаварыць, знаёміцца. Толькі павітаешся, а ўжо ўсмешка ў адказ. Малых, што сядзелі пасярод дарогі і перасыпалі пясок, пачаставала сушкамі. І бяруць жа з чужых рук!

Дамы ў Зарэччы старыя. Аднак дагледжаныя, вельмі яркія. Ад такіх і вачэй не адвесці.

Можна расказваць, дзе хадзіла і што бачыла, а можна і паказаць! Без фотаапарата ў такія мясціныехаць нельга, бо пасля будзеш шкадаваць, што не ўзяў з сабой тыя мясціны. Канешне, успаміны і адчуванні нельга параўноўваць з фотаздымкамі, аднак настрой! Настрой, які зрабілі ранішнія нябёсы Зарэчча, можна толькі паглядзець, яго не перакажаш.

Такі лёгенькі вэлюм радасці паклала неба на поле і луг, на суседнюю Дуброву і зарэчанскі лес, што ціхенька так стаіш і сузіраеш, запамінаеш, каб не падумалася пасля, што толькі прымроілася ўсё.

Пасля доўгіх год жыцця ў горадзе вока пільна ўглядаецца ў вясковыя прасторы. І немагчыма надыхацца салодкім восеньскім паветрам. Па вяртанні дадому яшчэ некалькі дзён трымаўся на вопратцы той саладкаваты пах траў ды зямлі, якую так палюбіла.

Не спі! Ну не спі а шостай раніцы! А то, можа, цуда праспіш?

Ад прыпынка пайшла прама і патрапіла на вераб’іную вуліцу!

Бачыце вазок? Яшчэ і васьмі раніцы не было, а дзеці ўжо сядзелі ў ім, гуляліся з цацкамі

Загарадка, якая нібыта падзяляе Зарэчча ад Дубровы.

Бачыце дрэва ўцэнтры? Незвычайная разгалістая і пышная  крона. Нагадвае рагатку.

За вёскай такія зараслі, што і каня не адразу заўважыла.

Деревня Заречье

Цёплы верасень спрыяе квецені. У полі столькі розных фарбаў! Браткі зноўку цвітуць.

Дарога на Дуброву. І зноў дрэва-рагатка. Абняць бы яго, ды далёка.

Аўтар: Марына Яўсейчык. Фота: Марына Яўсейчык.